Славамiр АДАМОВIЧ:
"Жыць не фальшыва"
Дзённiкавыя запiсы Славамiра Адамовiча "ЛIСТЫ З ПОЎНАЧЫ", надрукаваныя ў
некалькiх нумарах "Нашай Нiвы" напрыканцы мiнулага года, - гэта не толькi
споведзь неардынарнага чалавека, самабытнага паэта, заўзятага эмагара за
справядлiвасць, дабро, за беларушчыну, але i абагульнены боль соцень i тысяч
маладых беларусаў, якiя змушаны сёння пакiдаць сваю Бацькаўшчыну i шукаць лепшай
долi за яе межамi.
...Са Славамiрам я пазнаёмiўся асабiста, калi ён ужо стаў сябрам Саюза
беларускiх пiсьменнiкаў. А да гэтага шмат чуў пра яго на шматлiкiх мiтынгах
апазiцыi. Тады ён сядзеў у турме за верш, якi прыйшоўся не даспадобы звышпiльным
чыноўнiкам i якiя ў кожным вольным слове шукалi крамолу. У знак пратэсту супраць
удушэння дэмакратычных парасткаў у грамадстве, здзеклiвага стаўлення да
нацыянальных каштоўнасцяў Славамiр Адамовiч трымаў за кратамi працяглую
галадоўку. Жыццё ягонае лiпела на валаску. Але ён не скарыўся. Дзякуючы сябрам i
шырокаму розгаласу ў прэсе, заступнiцтву многiх вядомых людзей у Беларусi i за
яе межамi Славамiра выпусцiлi на волю. Змушаныя былi выпусцiць.
Але i воля без упэўненасцi ў заўтрашнiм днi, у хранiчным безграшоўi i марным
пошуку прыстойнай працы, у расчараваннi многiм i многiмi, чаму i каму раней
давяраў, змусiлi Славамiра на адчайны крок - з'ехаць куды найдалей, у дадзеным
выпадку у Нарвегiю.
Аднак ад сябе, ад думак сваiх нiкуды не ўцячэш. I вось - дзённiкi, ужо адтуль, з
суровай i экзатычнай для беларусаў краiны. Да гэтага ў Славамiра былi ўжо
дзённiкi - турэмныя. Божа, колькi ў iх горкай i суровай праўды пра
антычалавечую, смуродную атмасферу рэпрэсiўнай сiстэмы!
Мне пашчасцiла аднаму з першых чытаць тыя, часта крывёю пiсаныя, радкi Славамiра
Адамовiча, бо ён, рыхтуючы "Турэмны дзённiк" да выдання, даверыў мне быць ягоным
рэдактарам. Шкада, што кнiжка выйшла малым накладам - аўтар выдаў яе за свой
кошт. А добра было б, каб яе пачытала як мага большая аўдыторыя.
Прапаную чытачам "Народнай волi" верш Славамiра Адамовiча, дасланы мне з
Нарвегii, якi яшчэ нiдзе не друкаваўся.
***
Славамiр АДАМОВIЧ
Трохi напiсана, многа пражыта...
Простая iсцiна: спела б жыта,
з якога мучыцы, а потым хлебца;
агонь у печы - з марозу пагрэцца.
Простая iсцiна: дзiўныя словы
ты выбiраеш з невада мовы,
са словам жывеш, адыходзiш са словам
з iншымi светамi на перазовы.
Слухаюць нас i пустэльнi, i тонi...
Словам клянёмся i словам баронiм.
Простая iсцiна: жыць нефальшыва,
без перабору, крышку гуллiва.
Глянь, як гуляе дзiця тваё з мамай,
не перашкодзь яму лiшнiм стограмам.
Вунь як дачушка цябе абдымае,
хутка ўжо, хутка яна пакахае;
будзе нудзiцца, смяяцца i плакаць,
вершы, як тата, употай калякаць,
потым да шлюбу пойдзе шчаслiва...
Простая iсцiна: жыць нефальшыва.
Ну, а калi закарцiць падфальшывiць,
д'яблавы служкi уборы пашыюць
i супакояць, i провады справяць,
потым на чортавым коле праславяць.
I застанешся ты ў памяцi ўнукаў
тым, хто жыццё сваё д'яблу прафукаў.