Пах зямлi
Беларускага пiсьменнiка Вiктара Говара незаслужана мала ведаюць у нашай краiне.
Быў у яго цiкавы раман "Пялёстак i крышталь", выпушчаны ў 1990 годзе выдавецтвам
"Мастацкая лiтаратура", былi глыбокiя публiкацыi аб народным мастацтве, але
крытыка абыходзiла належнай увагай гэтага неардынарнага чалавека i творцу. А ён
пiсаў, i нямала, з пары маладосцi, якая прыпала на 50-60-я гады ўжо мiнулага
веку, працаваў у рэдакцыi газеты "Лiтаратура i мастацтва", дзе, па ўспамiнах
самога В.Говара, у калiдорах i пакоях сустракалiся надзвычай яркiя людзi з
кагорты, як зараз кажуць, "шасцiдзесятнiкаў".
Лёс многiх твораў пiсьменнiка незайздросны. Iх канфiскоўвалi спецорганы, iх не
пускалi ў друк, але, на шчасце, тое-сёе цудам усё ж ацалела i збераглося.
Лiчу, мне пашчасцiла, што ў свой час, калi я працаваў рэдактарам ў выдавецтве
"Мастацкая лiтаратура", гэтае "тое-сёе" з захаванага легла на мой рабочы стол.
То былi аповесць "КАЛI РАВУЦЬ БЫКI" i раман-апокрыф "КОЛА". З напругай i
хваляваннем душы i розуму чытаў я гэтыя творы, спасцiгаючы iх няпросты, часта
метафарычны, нават завуаляваны сэнс. Здаецца, рукой аўтара вадзiла Нешта цi
Нехта з недасяжных простаму воку вышыняў, бо скуль жа такая празорлiвасць,
бачанне на дзесяткi гадоў наперад? Ён пачынаў пiсаць гэтыя творы даўно, а
напiсаў акурат тое, што мы маем сёння - духоўную дэградацыю i спустошанасць у
грамадстве, бясконцыя прыродныя i тэхнагенныя катаклiзмы.
...Рукапiс, падрыхтаваны i нават набраны ў друкарнi яшчэ на пачатку 90-х, так i
не пабачыў свет. Як не дзесяць гадоў чакаў Вiктар Антонавiч свята пабачыць свае
найбольш грунтоўныя творы ў кнiгарнях Беларусi, гiсторыю якой гэтак глыбока
ведаў i шанаваў, якой прысвяцiў шмат якiя свае працы.
Жыццё ягонае склалася так, што непажаданы для мясцовых улад пiсьменнiк змушаны
быў з'ехаць з роднага кута i самыя творча плённыя гады правесцi ў Маскве. Там ён
шмат працаваў у архiвах, папаўняючы свае веды, бясконца, да апошняга дня,
перарабляў ранейшыя рэчы, пiсаў новыя. I па-за межамi Радзiмы ён не згубiў свой
дадзены Богам талент, бо жыў Бацькаўшчынай, яе мiнулым i будучым, яе
невычэрпнымi духоўнымi скарбамi, якiя iмкнуўся не толькi захаваць, а i
прымножыць.
Вiктар Говар пiша i публiкуе артыкулы пра старадаўняе i сучаснае мастацтва,
таленавiтых творцаў. I яго самога можна з поўным правам залiчыць у iх кола.
Адораны рознымi талентамi пiсьменнiк меў i яркi мастацкi дар: з несумненным
поспехам займаўся разьбой па дрэве, ляпiў глiняныя цацкi, вырабляў адмысловыя
ювелiрныя вырабы, здымкi якiх змяшчае энцыклапедыя... А яшчэ - спяваў у
беларускiм хоры беларускага зямляцтва ў Маскве, выдаваў часопiс "Я строю дом",
вёў на расiйскiм тэлебачаннi праграмы "Домашняя академия" i "Дело мастера боится"...
I ўсё ж галоўным для яго была проза, дзе ён вольна пачуваў сябе як мастак i
мысляр.
Больш за год таму Вiктара Антонавiча не стала. Не дачакаўся ён кнiжкi,
выдадзенай у Маскве ў 2000 годзе, на роднай мове. Адзiн з салiдных маскоўскiх
часопiсаў пiсаў пра яго: "Мы згубiлi таленавiтага пiсьменнiка, мастака,
мастацтвазнаўцу, журналiста... Ад глыбы Чалавецтва адкалоўся светлы, крыштальна
чысты кавалак, i гэтую страту нiчым не папоўнiш".
Ён завяшчаў пахаваць яго на роднай беларускай зямлi, якой жыў i дыхаў, пахi якой
адкрывалi яму ее душу. А кнiга прозы Вiктара Говара на матчынай мове, дзякуючы
намаганням яго сям'i i сяброў, у хуткiм часе, нарэшце, пабачыць свет, i ты,
шаноўны чытач, зможаш годна ацанiць яе.
А пакуль прапануем прачытаць невялiчкi ўрывак з рамана Вiктара Говара "КОЛА", у
якiм пераплецены гiсторыя i сучаснасць, ява i фантазiя, узвышанае i зямное.
Вiктар ГОВАР
Дома
Я прачнуўся ў гумне на сене. Узыходзiла сонца. Скрозь шчылiны iмкнулi стромкiя,
што струны, промнi. Яны былi напружаны з такой моцай, што, здавалася, са звонам
лопнуць. Глядзеў, як гэты дзiўны музычны струмант згодна рухаўся па высокай
падгуменнай прасторы i нячутна граў урачыстую мелодыю.
Да мяне таксама прыйшоў прамень. Рассек яго далонню. Ён нават не здрыгануўся.
Перапынiў яго далонню i асвятлiў падстрэшша. У прамень уплыла тонкая павуцiнка i
заззяла. Мне захацелася пачуць, як пахне прамень. Пакратаў яго пальцам, каб ён
злёгку дзынкнуў, потым нахiлiўся i панюхаў. Спачатку нiчога не пачуў. Пахла
сенам, сырадоем, крышку хваёвым лесам, што цiхутка шумеў за гумном. Але раптам
пачуў нязвыклае. Далiкатны пах. Пачуў пах спякотнага дня, пах халаднаватага
ценю. Не паверыў, нахiлiўся i панюхаў яшчэ раз.
У гэты дзень усё было пахучым. Увайшоў у хату i ўспомнiў - яшчэ малым быў i
адчуваў гэтыя пахi - водар свежага хлеба, сырадою, варанай бульбы i яшчэ нечага
многага iншага. Кожная рэч мае свой пах. Кубак, ручнiк, печка, швейная машынка,
на якой бацька з ранiцы ўжо нешта страчыў, мелi пах акно, падлога, стол, столь.
I куды нi павяртаў вочы, мяне страчаў прыемны, вядомы з дзяцiнства пах.
- Ты чаго, Сцёпа, табе нядужыцца?
Усмiхнуўся мацi, пахмурыў бровы i сказаў сур'ёзна:
- Я слухаю пахi.
У маёй мацi ласкавыя вочы, у маёй мацi ад бясконцай працы i многiх гадоў дрыжаць
рукi. Заўсёды бачу яе вочы i яе рукi. Вочы крыху журботныя, добразычлiвыя i з
усмешкай. Чаго толькi мы, малыя, не вычваралi! А яна толькi цiха i ласкава
ўсмiхалася. Колькi патрэбна добразычлiвасцi! Ведаю па сабе. Калi мой сын пачынае
кудзесiць, цярпенне маё канчаецца, мне хочацца перапынiць яго. Але я ўспамiнаю
мацi, яе вочы, i ведаю, мае вочы таксама становяцца ласкавымi i добрымi.
У маёй мацi дзiвотныя рукi. Яны не ведаюць, што такое праца асобна i рукi
асобна. Рукi - гэта праца. I робяць яны адразу так многа. Вымаюць патэльню з
блiнамi з печы, падаюць мне смятану, сякуць зелле i бульбу свiнням, абiраюць
бульбу. Спадцiшка разглядаю свае рукi. Божачкi! Да такiх рук, як у мацi, iм яшча
расцi ды расцi. Рукi мацi пахнуць працай. Ад такога водару кружыцца галава.
- Я слухаю пахi, мама.
Мацi ведае, я жартую.
- Садзiся есцi, зараз машына падыдзе.
Яна пра грузавiк, якi развозiць нас па нiвах.
Я чую пах пшанiчных блiноў, пах смятаны. I пах хлеба, i пах швейнай машынкi.
Нюхаю блiнцы i ўсмiхаюся. Мая мацi добрымi вачыма ўсмiхаецца мне.
- Трыфан, - кажа яна бацьку, - iдзi паглядзi, Сцёпа сёння толькi нюхае блiны.
Падыходзiць бацька, усмiхаецца ў вусы. У яго такiя ж, як i ў мацi, лагодныя
блакiтныя вочы.
- О, цябе лепш кармiць, чымся адзяваць, - кажа.
- Ты блiнцы панюхай.
- Дык я чую. Думаеш, не чую? Там шыю i чую.
- А як машынка пахне, чуеш?
- Чую.
- I як печка?
- Чую.
Недаверлiва гляджу на бацьку. Вядома, скiрызуецца.
- Не, ты паслухай!
- Даўно чую. Калi ты быў малым, то я добра чуў. А тады казаў тваёй мацi:
паслухай, якi водар ад блiнцоў. А яна смяялася.
П'ю малако, даядаю блiны, выходжу на дарогу. Чакаю машыну. I тут на мяне
накiдваюцца пахi. Пахне хваёвы лес. У кожнай хвойкi свой пах. I ў кожнага лесу
свой. I той жа лес вылучае розны водар ля дарогi, у гушчары, на палянцы. А вось
машына, яна нясецца па лясной дарозе як па лепшай аўтастрадзе, ледзь
прымаруджвае хаду - я ўлятаю ў кузаў. Там такiя, як я, вясёлыя морды.
- Здарова, хлопцы!
Хлопцы пахнуць маладосцю, сiлай i мазутай. Але гаварыць немагчыма, трэба мацней
трымацца. Шурык прэ машыну, як танк, яна лётае з карча на корч. Ляцiць насустрач
густое паветра, аж дых захлынае, ляцiць сасновае голле, ляцiць сонца. Мы ўсе
скачам у кузаве i смяёмся. Хто не любiць хуткасцi! Мы на трактарах - i то цiснем
на ўсю педалю. Дзiвосны пах мае хуткасць! Так што захлынаешся, як у халоднай
вадзе спякотным днём, дыху ўжо няма, так яна пахне.
Вырываемся на нiўны прастор. Да паху хуткасцi дамешваецца нязнанай гушчынi жытнi
пах. Валiць з ног. Ужо не дыхаеш. Уцягнуў паветра i замiраеш, хапае на многа
метраў шляху. Калi скажуць мне, што ёсць планеты, iстоты якiх жывяцца пахамi, -
паверу.
Шурык тармозiць, i я вылятаю з кузава. Вакол - зялёнае поле. Гаспадарамi тут мы
з трактарам. У нябёсы кiдаюцца жаўрукi - з такiм адчайным пошчакам, што,
здаецца, хочуць прабiць блакiт. Паднiмаю галаву i слухаю неба. Ловяць мае ноздры
пах безданi, пах халоднага космасу, пах зорак. Водар неба. Высокiя звiнючыя пахi.
Навальнiцай узрушыў неба рэактыўны самалёт i знiк, а жаўрукi кiдаюцца i кiдаюцца
ў нябёсы.
Яшчэ не сышла раса. На шырокiх лiстах - кроплi расы. Яны падаюць на мае боты.
Нахiляюся да шырокiх лiстоў. Ад iх iдзе водар вiльгацi, зямлi, грунтоўнасцi. Iду
да трактара. Вiтанне паху мазуты, што змешаны з пахам свежай зямлi, вiтанне!
Моцны грунтоўны пах. Калi быў падлеткам, працаваў на канi. Вазiў збожжа, бульбу,
гной. У вялiкага паслухмянага каня быў свой пах. Па-конску пахлi хамут, аброць,
воз. Конскiя пахi ядналiся з пахамi свежай раллi. Жывыя пахi. I ў майго трактара
таксама жывы пах. Калi купляем новыя трактары, яны не пахнуць жыццём - мёртвы
метал. Калi трактар крыху паходзiць - становiцца жывым. Заводжу трактар i
абганяю радкi. Спачатку ў адзiн канец, потым - назад. Зямля разварушылася, яна
дыхае такiмi моцнымi i шумлiвымi пахамi! Выпiвайце iх, хапайце, шырокiя лiсты
жыцця!
"Народная Воля" № 47 от 2004-03-17