ЯК МЯНЕ КІДАЛІ АКУЛАМ

- ВЫ ДОБРА плаваеце? - спыталі ў мяне на катэры.
- Ага, - сказаў я, не надаючы асаблівага значэння гэтаму пытанню.
- Як сапраўдны рыбак?
- Ну, вядома ж.
Я прапусціў міма вушэй гэты роспыт, пра што неўзабаве вельмі пашкадаваў. Але ў тыя хвіліны я ні аб чым дрэнным не думаў. Я проста стаяў на палубе судна, падстаўляў твар лагодным марскім пырскам і цёпламу пругкаму ветру А яшчэ сонечным промням, што залілі палубу, усю марскую прастору, канца і краю якой не згледзеў бы і з вышыні птушынага лёту.
Перада мной у бліскаўках сонца слаўся Ціхі акіян, і катэр лёгка асільваў мілю за міляй. Уладзівасток, адкуль мы адчалілі, даўно знік за гарызонтам. "Якая ціша і прыгажосць! - думаў я, радуючыся гэтай паездцы. - Але дзе ж той востраў Папоў?"
У паездку на Папоў я напрасіўся, каб на свае вочы ўбачыць, як робяць там "Сайру" - мае любімыя кансервы. Я ўжо ўяўляў, як ступлю на гэту экзатычную зямлю, як мне пакажуць цэхі, канвеерныя лініі, можа, нават пачастуюць сайрай. Буду пасля пра ўсё расказваць у Мінску...
Мроі мае перапынілі двое дзецюкоў у цяльняшках. Яны падхапілі мяне падпашкі і з сілай штурхнулі за борт, у вірлівую пасля вінта ваду Не паспеў я нават войкнуць і хоць што ўцяміць, як з галавой апынуўся ў акіяне. Ад неспадзеўкі я трохі глынуў салёнай вады і адразу ж ашалела запрацаваў рукамі і нагамі, На мне, апроч спартыўнага трыко, нічога не было, і гэта аблегчыла маё змаганне з вадзяной стыхіяй.
Праз колькі секунд я быў ужо на паверхні, прагна хапаў паветра. Трохі аддыхаўшыся, пачаў шукаць катэр, з якога мяне так гвалтоўна спіхнулі. Наўкола прасціралася блакітная роўнядзь, і толькі лёгкія хвалі, не вышэй галавы, зрэдку набягалі невядома адкуль, ныралі пад мяне і пяшчотна люлялі. Каб дзе ля берага ды ў людным месцы, то і замурлыкаў бы ад асалоды. Але тут, у бязмежным акіяне, ды яшчэ ў маім становішчы, было не да радасных эмоцый.
Да мяне пачаў падкрадацца страх. Уявіў якая бездань пада мною, а ў той бездані шнараць плоймы большых і меншых рыб, сярод якіх, магчыма, і клыкастыя акулы, і не стрываў, роспачна крыкнуў на ўсю моц сваіх лёгкіх.
Недзе ззаду, як мне падалося, зарагаталі. Няўжо марскі д'ябал пацяшаецца з маёй немачы? Крутануўся назад і ў метрах ста ўбачыў сваіх крыўдзіцеляў. Яны, усе трое, стаялі на палубе заглушанага катэра, глядзелі на маё боўтанне ў вадзе і смяяліся. Праглынуўшы горкі камяк крыўды, я паплыўда іх. Калі не пададуць рукі, зноў піхнуць у ваду, я доўга ўжо не вытрываю, Во трапіў у рукі нейкіх піратаў!
"Піраты" між тым, уволю нарагатаўшыся, сачылі, як я адольваю апошнія да іх метры. Яны, тыя метры, даваліся мне ўсё цяжэй і цяжэй. Рукі ўжо амаль не слухаліся, а на ногі нібы хто павесіў пудовыя гіры, якія ў любую хвіліну гатовыя былі зацягнуць мяне ў бяздонне. Плывец з мяне аказаўся нікудышны, і я толькі зараз узгадаў, яклегкадумна адказваў на пытанні маракоў.
І ўсё ж я даплыў. Двое з катэра спусцілі ў ваду вяровачную лесвічку, самі ступілі на яе і, падхапіўшы мяне аберуч, выцягнулі на палубу, 3 мяне цурком лілася вада, а трыко нібы прыклеілася да цела.
- Ну як? - спытаў старшы марак. - Спадабалася вольнае плаванне?
Я воўкам зіркнуў на ўсіх і адвярнуўся, каб не паказаць сваё абурэнне. Яны зноў засмяяліся, але праз хвіліну сцішыліся. Старшы нешта коратка скамандаваў ім, пасля павярнуўся да мяне:
- Ад імя і па даручэнні... Карацей кажучы, вы прайшлі адпаведнае выпрабаванне і мы ўзнагароджваем вас ахоўнай граматай.
Не верачы сваім вушам, я павярнуўся тварам да "піратаў" і ў руках старшага згледзеў прыгожую паперчыну,
- Гэта вам, бярыце. Будзеце ганарыцца ўсё жыццё. Не кожнаму такое выпадае...
Ад нядаўняй маёй разгубленасці і абурэння не засталося і следу. Гэта і праўда была грамата, ды не простая - "Ахоўная грамата Нептуна". Нават з пячаткай і малюнкам валадара ўсіх мораў і акіянаў, з трызубцам у руцэ і залатой каронай на галаве.
У той грамаце Нептун дзякаваў, што я наведаў яго ўладанні і "абрад пры гэтым хітры, звычаем вызначаны, паслухмяна выканаў і прыняў хрышчэнне ў свяшчэнных водах акіяна Ціхага".
Цяпер я ўвесь свяціўся ад радасці. Неўзабаве ўсе мы, задаволеныя, на поўнай хуткасці мчалі ў бок вострава Папоў.
 




 
почта